Беларуская Служба

З верасня ўкраінцы збілі 540 іранскіх дронаў і 500 крылатых ракет

05.01.2023 13:33
Прэс-цэнтр Узброеных сіл Украіны заявіў, што з верасня, калі Расія пачала напады пры дапамозе іранскіх дронаў-камікадзэ, супрацьпаветраныя сілы краіны збілі ўжо больш за 540 такіх беспілотнікаў, а таксама каля 500 крылатых ракет.
Ілюстрацыйнае фотаFoto: PAP/Eugene Titov

У паведамленні ўкраінскіх вайскоўцаў таксама гаворыцца, што за першыя дзве гадзіны 2023 года ўкраінскія СПА збілі «100% дронаў, а менавіта - 84 адзінкі».

Прадстаўнікі Паветраных сіл Украіны таксама пракаментавалі публікацыю амерыканскай газеты New York Times, у якой было сказана, што ракеты, якімі збіваюць беспілотнікі, абыходзяцца ў сем разоў даражэй, чым запуск самага апарата.

«Зразумела, што ракеты, якія выкарыстоўваюцца, – NASAMS, Iris-T- гэта дарагія ракеты… Ці будзем мы іх ужываць, ці будзем мы паднімаць у неба знішчальнік, каб збіваць «Шахеды»? Гэта дорага, але будзем. Гаворка ідзе аб жыцці, аб захаванні крытычнай інфраструктуры і аб'ектаў, у якія можа патрапіць дрон-камікадзэ», - сказаў у эфіры ўкраінскага тэлебачання афіцыйны прадстаўнік Паветраных сіл Юрый Ігнат.

Ён назваў некарэктным параўнанне кошту ракет і беспілотніка, які нясе да 40 кг. выбухоўкі, паколькі выбух можа выклікаць значныя страты і прывесці да гібелі людзей.

У сваю чаргу амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што да мая 2023 года Расія выкарыстае 1750 іранскіх беспілотнікаў.

Такая колькасць спатрэбіцца, калі інтэнсіўнасць абстрэлаў будзе аналагічнай той, што была з верасня па снежань 2022 года.

Расійскія войскі ўсё часцей выкарыстоўваюць БПЛА ва ўдарах па ўкраінскай крытычнай інфраструктуры і, верагодна, значна вычарпалі свае бягучыя запасы гэтых сістэм.

Па дадзеных ISW, РФ, верагодна, будзе імкнуцца да далейшага двухбаковага супрацоўніцтва з Іранам з мэтай паставак зброі.

юл